Старшыня Гомельскага аблвыканкама: "Пераходзім на паўднёвыя культуры"

Чатыры новыя трактары МТЗ падчас свята абласных «Дажынак» у Светлагорску атрымалі гаспадаркі Гомельскай вобласці.

Падарунак кіраўнікам прадпрыемстваў перадаў міністр сельскай гаспадаркі Беларусі Міхаіл Русы. Ён падкрэсліў, што паказчыкі, якіх дасягнула Гомельшчына сёлета, годныя павагі. Удзельнікі і госці абласных «Дажынак-2011» наведалі выставу сельскагаспадарчай тэхнікі, імправізаваныя падворкі і гандлёвыя рады, дзе быў прадстаўлены вялікі асартымент прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў рэгіёна.

— Нашай вобласці сёлета не сорамна. Мы атрымалі ўраджай 1 млн 240 тыс. збожжа — гэта на 40% больш за леташні, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік. — Мы забяспечылі сябе і харчовым, і фуражным зернем. Нарыхтавалі рэкордны ўраджай кармоў — па 37 ц кармавых адзінак травяністых кармоў на кожную ўмоўную галаву жывёлы, што амаль на 60% больш за леташні паказчык. Тым не менш, я думаю, што гэта толькі пачатак. Упэўнены: мы можам зрабіць куды больш, чым сёлета. Улічваючы невысокі бал глебы на Гомельшчыне, пясчаныя землі і засуху, якую назіраем на працягу апошняга дзесяцігоддзя, мы павінны мяняць сітуацыю. Інакш застанемся і без кармоў, без зерня і без іншай прадукцыі. Менавіта таму сёлета мы павялічылі плошчы пад кукурузай да 250 тысяч га. Мы атрымалі 360 тысяч тон зерня кукурузы і такім чынам забяспечылі будучыню для жывёлагадоўлі. Краіна закупляе па імпарце бялковую сыравіну — сою, сланечнік. Наступны этап для нас (з улікам умоў надвор'я на Гомельшчыне) — пераход на паўднёвыя культуры: і такім чынам павелічэнне налета пасеваў бабовых. Гэта дазволіць зэканоміць валюту і ўрэшце атрымаць больш танную прадукцыю.

Будзе ўлічвацца, безумоўна, і вопыт Мазырскага раёна, які дагэтуль узначальваў Уладзімір Дворнік. Раён упэўнена лідзіруе па вытворчасці менавіта сельгаспрадукцыі. Тут сёлета было атрымана 150 кг кармавых адзінак на бала-гектар, адзначыў Уладзімір Андрэевіч:

— Гэта лепшы вынік у Гомельскай вобласці, якая ў сярэднім мае 116 кг кармавых адзінак на бала-гектар. Мы аналізуем сітуацыю і на прыкладзе Мазырскага раёна вучым кадры, паказваем, як можна працаваць.

Віноўнікам урачыстасцяў — лепшым камбайнерам, кіроўцам, спецыялістам, калектывам сельгаспрадпрыемстваў і раёнаў — уручаны дыпломы, падарункі і кветкі.

Ірына АСТАШКЕВІЧ, фота аўтара, Звязда
  • 0
  • 29 ноября 2011, 13:01
  • Narayan

Комментарии (0)

RSS свернуть / развернуть

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com
* - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями