РУП «Гомельскі суднабудаўнічы суднарамонтны завод» выступае ініцыятарам інвестпраекта «Арганізацыя вытворчасці малых суднаў і плывучых канструкцый». Ён, у прыватнасці, мае на ўвазе будаўніцтва базавага катара-платформы, прагулачна-экскурсійнага катара, плывучай дачы, суднаў спецыяльнага прызначэння. У якасці рынкаў збыту разглядаецца як унутраны, так і рынкі блізкага замежжа, дзе ёсць разгалінаваная гідраграфічная сетка. Падрабязнасці карэспандэнту «Звязды» раскрыў кіраўнік прадпрыемства Уладзімір ВАСІЛЕЦ.
— За базавую мадэль ці, інакш, платформу мы прапануем узяць катар даўжынёй 15-16 метраў, максімум да 20 метраў. На яго аснове можна будзе вырабляць, напрыклад, прагулачны катар на два-чатыры чалавекі: абсталяваць навесам, зрабіць каюты. А можна будзе выпускаць плывучую дачу з усімі выгодамі, якія пажадае мець кліент. Бачылі ж такія ў сюжэтах з замежжа? Парыбачыў на адным возеры, потым паплыў на другое, у дарозе прыстаў да берага, пажыў нейкі час, калі захацеў. Можна выпускаць і судна-паром, абсталяванае пляцоўкай для перавозкі аўтамабіля. Такая вось ідэя ўвогуле.
— А куды на зіму такую плывучую дачу можна будзе паставіць? Ці можна будзе на ёй жыць увесь год?
— А куды на зіму такую плывучую дачу можна будзе паставіць? Ці можна будзе на ёй жыць увесь год?
— Ну, увесь год можа і не — уцяпляць жа тады судна трэба. А паставіць на захоўванне яе можна на лодачную станцыю.
— І як, думаеце, запатрабаванымі будуць такія судны?
— Так, асабліва ў кантэксце развіцця водна-транспартнай галіны, водна-рэкрыацыйнага турызму ў краіне. Як вы ведаеце, стварэнне водных турыстычных маршрутаў, берагавой і плывучай інфраструктуры, будаўніцтва пасажырскіх суднаў і плавальных сродкаў прадугледжанае нацыянальнай праграмай развіцця турызму ў краіне.
— Гэта вы пра юрыдычных асобаў найперш. А грамадзяне, як мяркуеце, змогуць адважыцца на набыццё такой вось «дачкі»? Колькі яна, дарэчы, можа каштаваць?
— Чаму б не?! Думаю, будуць купляць судны і фізічныя асобы, прыватнікі. Мяркуем, што кошт плывучай дачы будзе ад 60 тысяч долараў і вышэй — у залежнасці ад запатрабаванняў кліента па яе аздабленні. Так, гэта кошт трох добрых аўтамабіляў. Аднак, па-першае, у нас таксама ёсць нябедныя людзі, па-другое, замежныя аналагі «стартуюць» ад 100 і больш тысяч долараў.
— А дзе прадукцыя яшчэ можа быць запатрабаванай найперш? Ці ёсць ужо патэнцыйныя інвестары?
— Калі пра рынкі збыту, дык гэта найперш можа быць Украіна, з якой у нас агульная водная артэрыя, Расія. А яшчэ краіны Балтыі. А наконт інвестараў скажу, што зараз цікаўнасць да праекта праявілі дзве кітайскія фірмы.
… У Міністэрстве транспарту і камунікацый упэўненыя, што наяўнасць больш як 10 тысяч азёраў і 20 тысяч рэк сведчыць пра вялікі патэнцыял развіцця ў Беларусі водна-рэкрыацыйнага турызму. Перспектыўныя ў гэтым накірунку — арганізацыя купальна-пляжнага адпачынку, водна-спартыўных і прамыслова-паляўнічых тураў, цеплаходных прагулак і экскурсій. Пра актуальнасць пытання сведчаць і сусветныя тэндэнцыі. Напрыклад, у краінах ЕС аб'ём продажу малых суднаў склаў звыш 25 мільярдаў еўра, а колькасць спажыўцоў ацэньваецца ў лічбу каля 48 мільёнаў чалавек. У Расіі штогадовы прырост прагулачных суднаў складае 3-4 тысячы адзінак.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com * - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями
Комментарии (0)
RSS свернуть / развернутьТолько зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.