— Уявім, што эрытрацыт, які пераносіць гемаглабін, — гэта машына і на ёй можна даехаць да пад'езда, але ўнутр дома на ёй не ўедзеш. А вось кісларод пры ўжыванні нашага метаду, пранікае паўсюль і ў вадкім стане рухаецца далей па капіляры. Потым, як пешаход, трапляе ў неабходную «кватэру» — тую зону, якая пашкоджана хваробай, і гэтую зону выратоўвае.
Вось так маляўніча загадчык аддзялення гіпербарычнай аксігінацыі Гомельскага абласнога кардыялагічнага дыспансэра, прафесар Дзмітрый Салівончык тлумачыць «недасведчаным» сутнасць лячэння малымі дозамі кіслароду ў баракамерах. Ён нядаўна абараніў доктарскую дысертацыю па лячэнні пацыентаў з ішэмічнай хваробай сэрца метадам гіпербарычнай аксігінацыі. Яго метад упершыню ў Беларусі сталі ўжываць гомельскія кардыёлагі. За апошнія 10 гадоў даследаванне было праведзена на трох тысячах пацыентах і паступова ператварылася ў вялізную навуковую працу, якая была высока ацэнена кіраўніком дзяржавы. Дарэчы, лячэнне метадам гіпербарычнай аксігінацыі пацыентаў з інфарктам міякарда ў вострай стадыі захворвання дазваляе зменшыць смяротнасць на 7,4%.
— Цяпер мы можам або паспець і не дапусціць развіццё інфаркту, або, калі ён ужо здарыўся, памяншаем колькасць ускладненняў. Цяжкія пацыенты, якім патрэбна аорта-каранарнае шунтаванне, рыхтуюцца да аперацыі тут, у нашым аддзяленні. І ў дзень аперацыі ідуць на яе адсюль. У іх на некалькі гадзін ствараецца адчуванне быццам здаровага сэрца. У такім выпадку яны лягчэй пераносяць аперацыю. Хірургі гавораць, што з той групы, якая праходзіла перад аперацыяй праз баракамеру, не было ніводнага выпадку, каб сэрца не «завялося» з першага разу. А вось гадоў 10 таму, калі мы толькі пачыналі, многія калегі баяліся накіроўваць да нас пацыентаў. Было незразумелым: як можна лячыць кіслародам пад залішнім ціскам?
— Аднак метад гіпербарычнай аксігінацыі ў медыцыне выкарыстоўваецца даволі даўно і разнастайна…
— Так. Можна ўзгадаць галандскага вучонага Буэрэма, які ў 1962 годзе даказаў усяму свету, што свіння, у якой выпусцілі ўсю вадкую часць крыві і памясцілі ў баракамеру з фізрастворам, там жыла. Гэты эксперымент даказаў, што кісларод можа спакойна растварацца ў вадкай часці крыві і падтрымліваць жыццядзейнасць арганізма. У экстраных сітуацыях так і рабілі: залішнія 2-3 атмасферы ціску дазвалялі выратоўваць жыццё пры кардыяхірургічных аперацыях. Быў час, калі брыгады хірургаў аперыравалі ў вялізных баракамерах. І дагэтуль вядомы кардыяхірург Леа Бакерыя час ад часу карыстаўся гэтымі методыкамі. Даследаванні паставілі задачу знайсці тыя рэжымы выкарыстоўвання баракамеры, пры якіх магчыма максімальна дапамагчы людзям. Але ж у 80-я гады, калі наступіла эра доказнай медыцыны, такая методыка раптам пацярпела фіяска: пры эксперыменце загінулі людзі. Метад быў на пэўны час адкладзены.
— Аднак, у вас атрымалася знайсці прычыны няўдачы эксперымента 30-гадовай даўніны і выпрацаваць арыгінальную методыку, так?
— У сусветнай літаратуры па гэтай тэме мы знайшлі толькі тры работы, дзе было пра лячэнне інфаркту міякарда з выкарыстоўваннем баракамеры. Калі мы 10 гадоў таму паспрабавалі паглыбіцца ў тую ж тэму, таксама зрабілі эксперымент — правялі клінічныя даследаванні, але пры гэтым адышлі ад высокага ціску. Зразумелі, што менавіта ён можа быць губіцельным для сардэчнай мышцы. Аказалася, што гэта менавіта так. Малыя дозы ціску памяншалі зону інфаркту і выратоўвалі ад яго развіцця, а вялікія выпальвалі сэрца. Таму, перш чым выкарыстоўваць гэты метад, мы добра падрыхтаваліся і былі ўпэўнены, што не нашкодзім. Урэшце атрымалася, што выжывальнасць пацыентаў стала значна большая і няма вядомых ускладненняў. Калегі-ўрачы не адразу, але паверылі нам і цяпер накіроўваюць да нас шмат пацыентаў. Тых, хто «не ідзе». На слэнге медыкаў гэта адзначае, што пацыент не вылечваецца стандартнымі метадамі — такімі, напрыклад, як шунтаванне, стэнтаванне. Пасля баракамеры яны ідуць на папраўку. Праведзеныя намі работы паказваюць, што значна вышэй стала выжывальнасць. Акрамя таго, за кошт выкарыстання гэтага метаду рэабілітацыя праходзіць лепш. Сёння ў нас ёсць доказы на ўзроўні клеткі: гэтая працэдура садзейнічае развіццю адаптацыйных бялкоў — так званых бялкоў цеплавога шоку, якія можна пабачыць вачыма. Яны накопліваюцца, а потым паступова разыходзяцца ў арганізме.
— Відаць, у вас былі пацыенты, для якіх вы сваім метадам стварылі сапраўдны цуд — выратавалі жыццё?
— Дарэчы, давер калег прыйшоў пасля аднаго выпадку, калі да нас трапіла пацыентка, якой было зроблена ўсё: і шунтаванне, і стэнтаванне, і пры гэтым заставаўся ацёк лёгкіх. Пацыентка не магла адарвацца ад кіслароднай маскі. Калі мы пачалі працэдуру і на другой хвіліне жанчыне стала лягчэй, яна сказала: «Я хачу тут знаходзіцца. Мне тут добра». Мы яе выратавалі, яна з дыспансэра сама пайшла дадому. Потым мы пралячылі больш за 150 пацыентаў з рэанімацыі, і з іх не памёр ні адзін. Менавіта таму сёння мы маем вялікую колькасць вельмі складаных пацыентаў. У 75 % з іх дыягназ — нестабільная стэнакардыя і інфаркт міякарда. Сёння мы працуем з пацыентамі ў самым складаным перыядзе — калі яны крычаць ад болю. Але ж занадта многа людзей, якія ў бальніцу звяртаюцца вельмі позна. Церпяць да апошняга, не выклікаюць «хуткую дапамогу». Прынамсі, калі пэўны час прайшоў, наступствы закупоркі артэрыі прыводзяць да някрозу. Сардэчная мышца на нейкім участку гіне. І далейшае лячэнне заключаецца ў тым, каб паменшыць зону пашкоджання, каб гэты працэс не перакінуўся на іншыя зоны міякарда. І тады на першае месца выходзіць не толькі вядомая медыкаментозная тэрапія, але і нейкія новыя метады. Наш сёння не мае аналагаў у свеце.
— Такім чынам, абарона доктарскай дысертацыі — гэта не толькі ваша асабістае дасягненне… Зараз ужо можна казаць аб школе кардыялогіі Гомельшчыны?
— Пакуль складана. Думаю, прыйдзецца яшчэ добра папрацаваць. Медыцынская база тут, у кардыядыспансэры, вельмі моцная, прынамсі, як і ў Гомельскім медыцынскім універсітэце. Апошняя ўстанова тры тыдні як стала асноўным месцам маёй працы. Менавіта таму пасля абароны доктарскай паўстала задача стварэння новай кафедры. Тады, магчыма, праз некалькі гадоў можна будзе сказаць, што школа кардыёлагаў сумеснымі намаганнямі ў Гомелі створана. Дарэчы, я вельмі ўдзячны ўсім, хто мяне падтрымліваў усе гэтыя гады. Па-першае, свайму настаўніку, прафесару Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Эдуарду Анатольевічу Дацэнку. У нас былі спрэчкі, дэбаты, але ж гэта дазволіла дасканальна авалодаць і метадамі статыстыкі, і ўсёй кардыялогіяй. Нізкі паклон бацькам. Маці ў нас настаўнік, а бацька — фельдшар. Мы, тры іх сыны, — усе сталі ўрачамі. І жонкі ва ўсіх таксама ўрачы. Прынамсі, і мой сын Сяргей марыць працягваць медыцынскую дынастыю. Нам прыходзілася ўсяго самім дабівацца. Што датычыцца доктарскай — гэта была вар'яцкая праца. Але ж была і дапамога — ад адміністрацыі кардыядыспансэра і ад былога нашага губернатара — Аляксандра Якабсона. Я лічу размову ў Прэзідэнта краіны, яго давер нашым даследаванням вялікім авансам. Нам спыняцца нельга, трэба працягваць рухаць навуку. Я сёння валодаю тымі ведамі, якімі павінен дзяліцца.
— Дзмітрый Паўлавіч, а ці ўсе пацыенты так турбуюцца пра сваё здароўе, як вы пра іх?
— У нас ёсць такі ўрачэбны анекдот. Пытанне: чым адрозніваецца сасудзістае аддзяленне ад сараканожкі? Адказ: у адной сараканожкі сорак ног, а ў сасудзістым аддзяленні 40 пацыентаў, і ва ўсіх па адной назе. Адна з прычын праблем з сасудамі ног — курэнне. І вось такога чалавека тут лечаць, а ён усё роўна курыць. Тым самым выклікае спазм сасудаў. Як яму артэрыю «адкрыць», калі ён наўмысна забівае яе? У мяне быў хворы, які казаў: «Не хачу быць доўгажыхаром. Хачу піць, курыць, есці ў сваё задавальненне». Ёсць і такія людзі. Мы павінны і ім даць выбар. Абследаваць, расказаць, якая хвароба ў яго і як пазбегнуць наступстваў. Але ж прымусіць чалавека весці здаровы лад жыцця мы не можам. І ўсё ж я выкарыстоўваю любую магчымасць, каб растлумачыць пацыенту сітуацыю з яго здароўем. Імкнуся прыклад станоўчы паказваць: сам не куру, алкаголем не злоўжываю. Аднак часта бывае, што для чалавека курыць — гэта апошняе, што прыносіць яму задавальненне ў жыцці. А пакуль гэта так — яму будзе вельмі цяжка кінуць нават пасля таго, як яму ногі адрэжуць. Акрамя таго, вядома, што развіццё інфаркта часта залежыць ад самога пацыента: ёсць тыя, хто супраціўляецца хваробе, а ёсць бязвольныя. Вельмі добра, калі чалавек сам пытаецца, як трэба яму далей жыць. Некаторыя ўсё ж прыслухоўваюцца да парад урачоў. Ёсць, зразумела, пацыенты, якія да нас ставяцца адмоўна — людзі ж розныя. Мы імкнёмся ўсіх максімальна падтрымаць, і аддача ўрэшце ёсць. Калі чалавек выпісваецца і цісне табе руку з удзячнасцю — разумееш, што працаваў не дарэмна.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com * - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями
Комментарии (0)
RSS свернуть / развернутьТолько зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.