Дванаццаць год таму 21 лютага быў абвешчаны ЮНЭСКА Міжнародным днём роднай мовы. І нездарма: не кожны народ можа пахваліцца добрым веданнем нацыянальнай мовы, і ўвогуле выкарыстаннем яе ў паўсядзённасці. Гэта ж датычыцца і беларусаў. Не сакрэт, што ва ўмовах панавання на тэрыторыі краіны двух моў, беларускай, на жаль, карыстаецца далёка не большая частка насельніцтва. І прычыны заняпаду роднага слова ляжаць на паверхні: як з песні слоў не выкінуць, так і не вырваць старонак цеснай сувязі і ўзаемадзеяння з Расійскай Федэрацыяй з кнігі гісторыі нашай рэспублікі. Адсюль і моцны ўплыў роднаснай (але ж не роднай) мовы на нашых землякоў.
Але становішча, у якім апынулася беларуская мова, не такое ўжо і змрочнае. Асабліва ўлічваючы з’яўленне ў апошні час моды на беларускую гаворку сярод моладзі ў сталіцы нашай краіны і яе абласных цэнтрах. Вось і сама я не аднойчы сутыкалася з маладымі людзьмі, што не цураюцца роднай мовы не толькі ў сценах ўстаноў адукацыі. І тым самым, як ні дзіўна, прыцягваюць позіркі людзей, хаця курс беларускай мовы – абавязковы ва ўсіх без выключэння школах, а значыць, усе яе вывучалі і некалі, у межах 45 хвілін заняткаў, на ей размаўлялі.
Праводзячы невялікае апытанне сярод гамяльчан у рамках святкавання Міжнароднага дня роднай мовы я пацікавілася, чаму мы не размаўляем на беларускай мове. Адказы мяне здзівілі: 97% апытаных адказалі – “таму, што ніхто на ёй не размаўляе” і дадалі, калі б да іх звярталіся на роднай мове, дык і адказ пачулі б на той жа; 2% – не вывучалі беларускую мову, а таму і не карыстаюцца ёю; 1% – не лічаць яе прэстыжнай. З гэтай прычыны неабыякавыя да лёсу беларускай мовы супрацоўнікі бібліятэк Гомеля вырашылі ў свята роднай мовы паразмаўляць на мове славутых Коласа і Купалы. Прыемна, што большасць наведвальнікаў бібліятэк у гэты дзень акцыю “Размаўляй са мной па-беларуску” падтрымалі.
Яшчэ адна перашкода на шляху да ўжывання беларускай мовы тое, што нават падчас размовы на ёй большасць з нас працягваюць думаць на мове расейскай. Спачатку мы будуем сказы па-руску, і толькі потым агучваем іх, перакладаючы на беларускую. Таму і гучаць нашыя дыялогі так ненатуральна. Разважаць чаму ж нашыя думкі гучаць на мове суседзяў доўга не прыйшлося – не думаем на роднай мове, бо дасканала яе не ведаем. Дык ці ведаюць беларусы сваю нацыянальную мову? Даведацца дапамогуць вынікі апытання, праведзенага сярод чытачоў ЦГБ імя А.Герцэна. Удзельнікам было прапанавана перакласці на рускую мову наступныя беларускія словы: пернік (пряник), дыван (ковер), часопіс (журнал), гарбата (чай).
Парадавала, што 92% апытаных ведаюць пераклад слова часопіс, 2% — палічылі, што гэта летопись, астатнія 6% — не змаглі даць адказ. Амаль не сумняваліся ўдзельнікі апытання пры перакладзе слова гарбата: 91% добра ведае, што гэта чай, 2% палічылі, што гэта скрыўленне хрыбетніка, 2% звязалі значэнне са словам багата, а 5% увогуле не змаглі адказаць. Сумнае становішча і з такім знаёмым, на першы погляд, словам дыван. Да сённяшняга часу большасць апытаных – 54% упэўнена, што гэта диван, астатнія – 46% адказалі правільна – ковёр. Цікавыя варыянты адказаў мы пачулі, калі прапанавалі перакласці слова пернік: 78% чытачоў звязалі пераклад са словам перина, подушка, 1% палічыў, што гэта передник, і нарэшце 21% даў правільны адказ – пряник.
Пасля падлікаў успомнілася: “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі…” – завет гэты дадзены быў нам яшчэ ў ХVIII стагоддзі. Аўтар слоў, Францішак Багушэвіч, глядзеў далёка наперад і магчыма прадчуваў, што становішча беларускай мовы ў трэцім тысячагоддзі будзе зусім не зайздросным. Але мы, нашчадкі, у поўнай меры ўжо адчулі гэтую праблему і гатовыя паступова яе вырашаць.
Так, у апошні час усё больш увагі надаецца папулярызацыі беларускай мовы.
І больш прадуктыўна прывіваць любоў да роднай мовы праз мастацкае слова. Вось і ўтульная зала бібліятэкі імя А.Герцэна чарговы раз адкрыла свае дзверы для людзей мастацтва – літаратараў, вядомых і пачынаючых, сапраўдных знаўцаў і проста аматараў прыгожага пісьменства. «На абшарах роднага слова» – менавіта пад такой назвай адбылася сустрэча людзей не абыякавых да лёсу беларускай мовы з прадстаўнікамі вядучага літаратурна-мастацкага выдання краіны. Літаратар, добры знаўца гісторыі, мастацтва, музыкі і іншых сумежных галін нашай культуры, дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва» і галоўны рэдактар аднайменнага штотыднёвіка Алесь Карлюкевіч, яго намеснік Ала Корбут, рэдактар аддзела публіцыстыкі газеты творчай інтэлігенцыі Беларусі Iрына Тулупава і галоўны рэдактар часопіса «Полымя», паэт Мікалай Мятліцкі паразважалі на сустрэчы аб накірунках развіцця айчыннай літаратуры, новых у ёй імёнах, акрэслілі сучасны стан беларускамоўных выданняў і падзяліліся сваімі творчымі планамі на бягучы год. Карысным мерапрыемства было для супрацоўнікаў і студэнтаў універсітэта імя Францыска Скарыны. Сумесна з частымі аўтарамі артыкулаў на старонках “ЛіМа” рэдакцыя газеты вырашыла стварыць творчую лабараторыю з мэтай кампенсацыі недахопу карэспандэнтаў.
Звярну ўвагу і на наступную дэталь – у зале, дзе праводзілася сустрэча, не засталося свабодных месцаў – а значыць яшчэ не аднойчы мы з вамі атрымаем асалоду ад гучання нашай роднай мовы!
Марына Ступінская, супрацоўніца бібліятэкі імя Герцена
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com * - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями
Комментарии (0)
RSS свернуть / развернутьТолько зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.