Крыштальны міг майстра

У Гомелі на тэрасе палаца Румянцавых-Паскевічаў адкрылася выстава лядовых скульптураў. Іх дваццаць дзве. Гэта сымбаль году — Белы Тыгр, марскія жывёліны й рыбы. Тут можна бачыць і антычных персанажаў — Амура, Вээнэру Мілоскую. Апошняя, у адрозьнені ад вобраза Сандра Батычэлі, нарадзілася ня зь пены марской, а зь беларускага лёду.

Калі зімовае сонца кіне свой пагляд на скульптуры, яны зіхацяць чыстым крышталём. Стваральнік гэтых скульптураў — вядомы гомельскі майстра Руслан Ярохаў: «Лёд — самы чысты матэрыял у прыродзе, і фізычна, і энэргетычна.

Калі зь ім працуеш, адчуваеш чысьціню, космас і натхненьне». Каб стварыць свае скульптуры, Руслан апрацаваў каля 8 тон лёду. Дзе бэнзапілой, дзе стамескай, а дзе й электрычным прасам.

Над падобнымі праектамі майстра працаваў у Расеі, ва Ўкраіне. Бачылі ягоныя скульптуры й жыхары беларускай сталіцы. Ня ўсе скульптуры аднолькава дасканалыя, але людзей, раўнадушных да гэтай лядовай рапсодыі на выставе, па сутнасьці, няма. У Гомелі цяпер стаяць моцныя маразы.

Для здольнага чалавека матэрыялу хоць адбаўляй. Але возьмецца адліга ці прыгрэе сонца — і пацячэ долу прыгажосьць. «Гэта сьвята, гэта шоў,— адказвае Руслан. — Гэта як міг: дзяўчына ўсьміхнулася, птушка пасьпявала — болей ніколі яно не паўторыцца.

Вось так і лёд». Горад, на жаль, зноў застанецца без належнага мастацкага аздабленьня. Тыя скульптуры й скульптуркі, якія масава ўсталёўваюць ляндшафтныя спэцыялісты, у бальшыні сваёй хацелася б бачыць хіба толькі ў лядовым варыянце.

Радио Свобода
  • +2
  • 23 января 2010, 23:43
  • Narayan

Комментарии (0)

RSS свернуть / развернуть

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com
* - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями