Пра Гомель і яго гісторыю раскажа голас дыктара на беларускай мове, калі вам пашчасціць сесці ў «асветніцкі» тралейбус №1 і праехаць ад Гомельскага чыгуначнага вакзала да канцавога прыпынку ў раёне абласной ДАІ.
Звонку і знутры сродак перасоўвання аформлены фотаздымкамі і друкаванай інфармацыяй, якая таксама дапамагае лепш зарыентавацца ў падзеях даўно мінулых дзён. Той жа мэце адпавядаюць і квіточкі, на якіх з аднаго боку — выява помніка першаму гамяльчаніну, з другога — кароткая даведка аб цікавым факце. Напрыклад, аб такім: «Магчыма, назва горада Гомель — бярэ свой пачатак ад паўночнакаўказскага і іранскага слова „гом“, што азначае „ўзвышша“, „груд“ або „яр“.
Між тым, як расказаў намеснік дырэктара камунальнага ўнітарнага прадпрыемства „Гарэлектратранспарт“ Сяргей Лазько, аўтарамі ідэі сталі студэнты Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Сухога на чале з Аляксандрам Аплачынавым. Маладыя людзі звярнуліся ў Гомельскі гарвыканкам, дзе іх ідэя знайшла падтрымку і працяг. Далей усе працавалі разам. Да ўвасаблення ў жыццё былі прыцягнуты і спецыялісты музея Гомеля, і дызайнеры, і мясцовыя журналісты.
Гэты транспартны сродак прайшоў адным з першых па мосце, які пасля рэканструкцыі быў адкрыты ў Гомелі. А першымі пасажырамі сталі кіраўнікі вобласці і горада. Для ўдзелу ў значнай падзеі прыехаў і старшыня Камітэта дзяржкантролю Рэспублікі Беларусь Аляксандр Якабсон. Гэта па яго ініцыятыве, калі ён быў старшынёй Гомельскага аблвыканкама, пачаліся работы па аднаўленні гэтай важнай транспартнай артэрыі цераз раку Сож.
Такім чынам, можна лічыць, закончана сумесная аперацыя, якая пазбавіла горад над Сожам ад аўтамабільных пробак паміж Цэнтральным, Савецкім і Навабеліцкім раёнамі Гомеля. Гэта першы падвоены мост не толькі ў Гомелі, але і наогул цераз раку Сож. Два гады таму побач са старым 60-гадовым вырас брат-блізнец. Пры яго ўзвядзенні выкарыстоўвалі новыя маркі сталі і бетону, апоры на палях, забітых на 30-метровую глыбіню, а пралётнае палатно-»бутэрброд", складзенае са мноства пластоў, вытрымлівае нераўнамерныя нагрузкі. Па такой жа схеме капітальна рэканструявалі і суседні мост-пенсіянер. Дзмітрый Алампіеў, дырэктар філіяла Мостабудаўнічага ўпраўлення №4, кажа, што ад старога маста мала што ўвогуле засталося:
— Жалезабетонныя збудаванні мы цалкам разабралі, нарасцілі апоры і ўстанавілі новыя сучасныя жалезабетонныя бэлькі. Тэрміны будаўніцтва былі скарочаны на 5 месяцаў, выдаткі склалі 25 млрд рублёў.
Падвоены мост мае даўжыню амаль 350 метраў. На кожнай з яго галін цяпер аднабаковы рух. Гэта важны крок у барацьбе з гарадскімі пробкамі. Больш за тое, гэта яшчэ і аб'ект міжнароднага значэння. Па ім толькі за летні сезон праязджае больш за мільён турыстаў з Беларусі, Расіі і Украіны. У бліжэйшых планах будаўнікоў — узвядзенне яшчэ аднаго моста цераз Сож. Ён будзе знаходзіцца за некалькі кіламетраў вышэй па цячэнні. Новая аб'язная траса звяжа напрамак Пецярбург-Адэса і Мінск-Бранск.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com * - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями
Комментарии (0)
RSS свернуть / развернутьТолько зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.