Гомельскія пісьменнікі за апошнія гады стварылі нямала цікавых празаічных, паэтычных і публіцыстычных твораў, прысвечаных роднаму краю і сваім землякам. Акрамя творчай, асноўнай іх дзейнасці, члены Саюза пісьменнікаў Беларусі імкнуцца быць карыснымі людзям – актыўна сустракаюцца з чытачамі, выступаюць у вучнёўскіх класах і студэнцкіх аўдыторыях, у працоўных калектывах, імкнучыся прапагандаваць чытанне, прыкладаючы намаганні, каб беларуская кніга, нягледзячы на эканамічныя складанасці, не губляла сваіх пазіцый у век новых тэхналогій. Што атрымліваецца, а што выклікае цяжкасці ў дзейнасці творцаў, цалкам пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчыны – пра гэта ішла зацікаўленая размова на сустрэчы старшыні абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Дворніка з актывам аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Месца ж для сустрэчы губернатара з пісьменнікамі было абрана сімвалічнае для Года кнігі – галоўная бібліятэка вобласці з’яўляецца не толькі асноўным збіральнікам, захавальнікам друкаваных выданняў, палымяным прапагандыстам творчасці пісьменнікаў-землякоў. Мена-віта тут праходзяць надзвычай цікавыя іх сустрэчы з чытачамі, літаратурныя акцыі, прэзентацыі, майстар-класы, святы. Бібліятэка карыстаецца папулярнасцю ў гамяльчан: каля пяцісот чалавек штодзённа наведваюць яе ў пошуку сустрэчы з кнігай.
Да сустрэчы з пісьменнікамі-землякамі старшыня аблвыканкама Уладзімір Дворнік наведаў музей рэдкай кнігі, які плённа працуе ў бібліятэцы, пазнаёміўся на спецыяльнай выставай, прысвечанай Году кнігі, з беларускімі друкаванымі навінкамі і здабыткамі пісьменнікаў-гамяльчан.
Затым Уладзімір Дворнік праінфармаваў пісьменнікаў аб бягучым сацыяльна-эка-намічным стане вобласці і прымаемых уладай намаганнях, накіраваных на развіццё эканамічнага патэнцыялу вобласці дзеля паляпшэння дабрабыту людзей, умацавання эканомікі краіны.
У сваю чаргу, старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч распавёў пра творчыя справы пісьменніцкай арганізацыі, якая з’яўляецца самай вялікай з абласных. На працягу некалькіх апошніх гадоў аддзяленне ажыццявіла шэраг выдавецкіх праектаў, накіраваных як на прапаганду творчасці пісьменнікаў, так і на рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне культуры: так, выйшла з друку звыш 90 новых кніг, выдаецца ўласны літаратурны альманах, дзе друкуюцца маладыя аўтары, а таксама майстры слова ўкраінскага і расійскага прымежжа, 22 пісьменнікі сталі лаўрэатамі розных абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў і прэмій. Заснавана спецыяльная серыя «Бібліятэка ГА «СПБ»», у якой выйшла 7 кніг. За апошнія гады наладжана каля шасці з паловай тысяч сустрэч з чытачамі…
– Сёння мы павінны разлічваць свае творы на
ўдумлівага, разумнага і цікаўнага чытача, – падкрэсліў старшыня абласнога аддзялення. – А ў грамадскай дзейнасці і надалей будзем імкнуццца быць карыснымі людзям.
Дзеля гэтага, як канстатавалася далей у час размовы, пры падтрымцы ўпраўлення культуры аблвыканкама пісьменнікі намераны часцей завітваць у глыбінку: адзін-два разы на месяц яны будуць выязджаць у раёны на творчыя сустрэчы: людзей паслухаць, аб літаратурных павевах распавесці, таленты падтрымаць…
Кіраўнік абласнога аддзялення СПБ прапанаваў ідэю стварэння ў Гомелі Музея літаратуры Гомельшчыны і растлумачыў старшыні аблвыканкама навошта гэта трэба:
– Некалькі гадоў назад мы адчынялі мемарыяльны музей пісьменніка-земляка Міколы Гамолкі. І сутыкнуліся з тым, што за дваццаць гадоў пасля яго смерці шматлікія цікавыя рэчы згублены, страчаны рукапісы, фатаграфіі… А Гомельшчына ж дала Беларусі нямала вядомых літаратараў, якія сталіся гонарам усёй краіны. На жаль, жыццё ёсць жыццё – літаратары сыходзяць з жыцця. І разумна было б захаваць іх спадчыну.
Падчас абмеркавання вызначана, што такому музею ў Гомелі быць. Ганаровая справа якраз і распачата абласной бібліятэкай імя У. І. Леніна: у краязнаўчым аддзеле ўжо ёсць невялічкая экспазіцыя, якая прапаноўвае наведвальнікам бібліятэкі пазнаёміцца з уласнымі рэчамі, рукапісамі, рэдкімі кнігамі з аўтографамі і нават віртуальны музей класікаў беларускай літаратуры. Каб ажыццявіць далейшы збор, назапашванне каштоўных экспанатаў, якія пасля можна будзе прадставіць у выглядзе музейных экспазіцый, трэба правесці сур’ёзную працу, у якой будуць задзейнічаны бібліятэчныя работнікі, уп-раўленні аблвыканкама і, зразумела ж, пісьменнікі вобласці. Як бачыцца, праз некаторы час экспазіцыя можа перарасці ў сапраўдны музей, вельмі карысны не толькі для Гомель-шчыны.
А вось мазырскі паэт Аляксандр Каляда звярнуўся да губернатара з просьбай аб падтрымцы маладых аўтараў і членаў грамадскага аб’яднання, што сталі пераможцамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, пісьменнікаў-юбіляраў – стварэнні ў вобласці ўласнай выдавецкай праграмы. Пазіцыя кіраўніка аблвыканкама ў гэтым плане супала з творцамі: трэба падтрымліваць таленты, таму будзе прадумана і магчымасць прыняцця ў вобласці такой вызначальнай праграмы.
Аб павышэнні статусу абласнога літаратурнага конкурсу імя Кірылы Тураўскага, які праводзіцца на Гомельшчыне ўжо пяць гадоў запар, клапаціўся гомельскі паэт Міхась Болсун. Гэтая прапанова таксама знайшла водгук і паразуменне ва Уладзіміра Дворніка.
На сустрэчы пісьменнікі выказвалі заклапочанасць адсутнасцю ў рэпертуарнай палітыцы гомельскіх тэатраў пастановак па п’есах гомельскіх драматургаў, хаця ў іншых тэатрах краіны такія пастаноўкі ідуць, акрэслілі і іншыя праекты, якія звязаны з развіццём літаратурнага працэсу на Гомельшчыне і накіраваныя на стварэнне новых высокамастацкіх твораў.
Падчас завяршэння канструктыўнай размовы з кіраўніком вобласці Уладзімір Гаўрыловіч падзякаваў губернатару за шчырую цікавасць да пісьменніцкай супольнасці, у гонар падзеі ўручыў яму бібліятэчку новых выданняў пісьменнікаў Гомельшчыны. А ад імя пачынаючых аўтараў студэнтка філфака Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Надзея Філон выказала словы ўдзячнасці кіраўніку вобласці і пісьменніцкай арганізацыi за падтрымку маладых пісьменнікаў, прачытала верш-прысвячэнне Уладзіміру Дворніку і падаравала яму сваю першую кнігу «Кроплі святла», што надоечы выйшла дзякуючы падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Мінску.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com * - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями
Комментарии (0)
RSS свернуть / развернутьТолько зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.