Гомельская зямля надзвычай багатая і вельмі шчодрая на таленавітых людзей. Ва ўсе стагоддзі тут нараджаліся сапраўдныя паэты і пісьменнікі. Далёка за межамі нашай краіны добра вядомы імёны народных пісьменнікаў Беларусі Івана Шамякіна, Івана Мележа, Івана Навуменкі, драматурга Андрэя Макаёнка, паэта Анатоля Грачанікава і многіх іншых.
30 студзеня 2011 года грамадскасць Беларусі адзначыла 90-годдзе з дня нараджэння нашага знакамітага земляка, народнага пісьменніка Беларусі Івана Пятровіча Шамякіна.
Іван Шамякін – буйны беларускі пісьменнік ХХ – ХХI стагоддзяў, шырока вядомы на радзіме і далёка за яе межамі – быў адным з самых пладавітых, чытаных і папулярных.
Дастаткова назваць такія яго эпічныя палотны, як “Глыбокая плынь”, “Крыніцы”, “Сэрца на далоні”, “Трывожнае шчасце”, “Снежныя зімы”, “Атланты і карыятыды”, “Вазьму твой боль” і многія іншыя.
Хто з чытачоў, асабліва людзей старэйшых пакаленняў, не памятае гэтыя і іншыя яго творы, якія як толькі выходзілі ў свет, чыталіся і горача абмяркоўваліся, фактычна фарміравалі наш светапогляд і, як верныя сябры, спадарожнічалі нам на працягу дзесяцігоддзяў.
У Гомельскай абласной бібліятэцы праведзены шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных юбілею знакамітага земляка.
“Летапісец эпохі” – так называлася выстава-прагляд, на якой былі прадстаўлены зборы твораў Івана Пятровіча Шамякіна розных гадоў выдання, асобныя творы на розных мовах, публіцыстыка і ўспаміны пісьменніка, літаратура аб яго жыцці і творчасці, кнігі з аўтографамі, электронныя рэсурсы з фондаў абласной бібліятэкі.
Бясспрэчную цікавасць для наведвальнікаў прадстаўляў раман “Сэрца на далоні”, выдадзены ў розныя гады мінулага стагоддзя, а таксама першыя кнігі пісьменніка якія ўжо сталі бібліяграфічнай рэдкасцю.
Не засталіся без увагі чытачоў змешчаныя на выставе фотаздымкі з сямейнага архіву Івана Шамякіна.
Трэба адзначыць той факт, што да юбілею земляка аддзелам краязнаўства бібліятэкі была праведзена вялікая пошукавая работа, вынікам якой стала стварэнне электроннага музея “Майстра”. Дарэчы, хачу дадаць, што гэта не проста музей, а поўнатэкставая база дадзеных, дзе змешчаны матэрыялы аб жыцці і творчасці пісьменніка, рэдкія фатаграфіі. У віртуальным музеі таксама знайшлі сваё адлюстраванне творы паэтаў і пісьменнікаў, прысвечаныя Івану Пятровічу Шамякіну. Прэзентацыя музея адбылася падчас правядзення літаратурнай вечарыны “Светлая зорка Шамякіна”. У вечарыне прымалі ўдзел пляменнік Шамякіна Міхаіл Аляксеевіч Калінін; сваімі ўспамінамі аб сустрэчах з класікам літаратуры падзяліліся гомельскія пісьменнікі Васіль Ткачоў, Ніна Шклярава, Тамара Кручэнка, Міхась Болсун, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч.
Удзельнікі “Школы маладога літаратара”, якой кіруе член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ніна Шклярава, прачыталі свае вершы, што яны напісалі да юбілею знакамітага земляка.
Прыемнай нечаканасцю для прысутных стаў паказ інсцэніроўкі ўрыўка з рамана “Трывожнае шчасце”, якая была падрыхтавана народным тэатрам Гомельскай абласной бібліятэкі “Грачи”, а таксама запіс голасу Івана Пятровіча Шамякіна падчас яго выступлення на творчай вечарыне Васіля Ткачова.
Работа па прапагандзе спадчыны Івана Шамякіна на гэтым не спынілася. У бібліятэцы плануецца стварыць музейную экспазіцыю “Глыбокія плыні жыцця Івана Шамякіна”, якая будзе ўтрымліваць рукапісы пісьменніка, літаратуру аб яго жыцці і творчасці, кнігі з аўтографамі, фотаздымкі, а таксама рэчава-прадметную калекцыю. Зараз вядуцца перагаворы з сям’ей пісьменніка аб перадачы гэтых матэрыялаў у фонды бібліятэкі.
Ніна Серыкава, супрацоўніца аддзела краязнаўства Гомельскай абласной ўніверсальнай бібліятэкі
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com * - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями
Комментарии (0)
RSS свернуть / развернутьТолько зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.