Кніжная спадчына Беларусі ў Музеі рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі

У Музеі рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна з 20 жніўня экспануецца выстава «Кніга Беларусі», прымеркаваная да Дня беларускага пісьменства.

Выстава знаёміць пераважна з друкаванымі выданнямі апошняй чвэрці XIX – пачатку XXI cтагоддзяў, выпушчанымі як на тэрыторыі Беларусі, так і за яе межамі і па свайму зместу звязанымі з Беларуссю, яе гісторыяй і культурай.
Найбольш раннія выданні, прадстаўленыя ў экспазіцыі, былі створаны ў апошняй чвэрці XIX cтагоддзя — гэта «Гомельские народные песни (белорусские и малорусские) с приложением 83 местных пословиц» (СПб., 1 8 8 8 ), сабраныя членам Імператарскага Рускага Геаграфічнага Таварыства Зінаідай Фёдараўнай Радчанка ў Дятлавіцкай воласці Гомельскага павета Магілёўскай губерні і «Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края» (СПб.,1890), сабраныя і сістэматызаваныя знакамітым этнографам, збіральнікам беларускай народнай вуснапаэтычнай творчасці Паўлам Васільевічам Шэйнам. Першы зборнік змяшчае 676 песень і 83 мясцовыя прыказкі, і дае поўную этнаграфічную характарыстыку невялічкаму, але цікаваму кутку беларускай зямлі, тэрыторыі, якая ўваходзіць у склад сучаснага Гомельскага раёна. Адметнай асаблівасцю кнігі з’яўляецца дароўны аўтограф аўтара, адрасаваны свайму брату. Менавіта гэта дэталь надае выданню яшчэ большую каштоўнасць. У другую кнігу былі ўключаны матэрыялы з усіх губерняў Паўночна-Заходняга краю, а таксама з суседніх, дзе жыло этнічна беларускае насельніцтва. Выданне адлюстроўвае амаль усе бакі духоўнай і матэрыяльнай культуры беларусаў. Гэта песні абрадавыя, бытавыя, бяседныя, жартоўныя і так званыя разгульныя, апісанні абрадаў і звязаныя з імі песні, дзясяткі галашэнняў. Праца П. Шэйна — каштоўная крыніца фальклорна-этнаграфічных звестак пра побыт і культуру беларусаў II пал. XIX ст.
Большасць кніг, прадстаўленых у экспазіцыі, надрукавана ў XX стагоддзі. Найбольш ранняй кнігай адзначанага перыяду з’яўляецца праца Паўла Апалонавіча Туткоўскага «Орографический очерк Центрального и Южного Полесья» (М., 1913). Аўтар прааналізаваў вынікі геаграфічнага вывучэння вялізнай тэрыторыі – паветаў Гродзенскай, Мінскай, Валынскай губерняў, апісаў карставыя з’явы на Палессі. Вельмі падобным па зместу з’яўляецца зборнік «Пути к восстановлению сельского и лесного хозяйства Гомельской губернии» (Гомель, 1923), які ўтрымлівае кароткія звесткі аб геаграфічным і эканамічным становішчы Гомельскай губерні, генеральныя планы па земляробству і жывёлагадоўлі і інш. Кніга змяшчае карту Гомельскай губерні, шмат дыяграм, статыстычных табліц.
Выданні 30-х гадоў мінулага стагоддзя, перыяду Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенныя маюць сціплае паліграфічнае афармленне і сведчаць аб эканамічным цяжкасцях дзяржавы тых часоў. Гэта кнігі не толькі класікаў беларускай літаратуры — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, але і менш вядомых беларускіх аўтараў — Іллі Гурскага, Макара Паслядовіча, Анатолія Глебава і іншых.
Экспануюцца таксама падручнікі па беларускай мове – «Рабочая кніжка па беларускай мове» (Мн., 1932) у 2-х частках і «Падручнік крывіцкай (беларускай мовы)» (Рэгенсбург, 1947). У аснову «Рабочай кніжкі» паложаны лекцыі І. Ю. Міцкевіча, якія яму выпадала весьці на працягу некалькіх год у Камвузе. Гэтыя лекцыі аўтарам апрацаваны і прыстасаваны для завочнага вывучэння мовы. Да лекцый дададзены шматлікія прыклады-ілюстрацыі і матэрыял для рознага роду практыкаванняў у правапісе і пунктуацыі. «Падручнік крывіцкай (беларускай) мовы» прафесара Др. Я. Станкевіча (Рэгенсбург, 1947) з’яўляецца яшчэ адной спробай стварыць сталы падручнік па беларускай мове. Складаецца з 3-х частак, мае ўнутраны падзел на тэмы: «Граматыка», «Правапіс», «Укладанні, прытарнаваныя вучыцца ў школе й дома».
У 1940 г. пабачылі свет «Выбраныя творы» таленавітага беларускага паэта-рэаліста другой паловы XIX ст. Францішка Багушэвіча, які ў сваёй творчасці імкнуўся праўдзіва паказаць жыццё беларускага народа ва ўмовах сацыяльнага і нацыянальнага гнёту. Ф. Багушэвіч таксама р’яны змагар за прызнанне і развіццё роднай беларускай мовы, у сваёй прадмове да «Дудкі беларускай» гаварыў аб раўнапраўнасці беларускай мовы і разам з гэтым патрабаваў нацыянальнай свабоды і самастойнасці для беларускага народа.
На выставе прадстаўлена некалькі кніг, якія былі надрукаваны ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Зборнік мастацкай літаратуры аб Вялікай Айчыннай вайне «За Советскую Беларусь», які выдадзены ў 1942 г., змяшчае вершы такіх знакамітых беларускіх паэтаў, як Я. Купала, Я. Колас, П. Броўка, П. Панчанка, К. Чорны, М. Лынькоў, М. Танк і інш. Прадстаўленыя творы прысвечаны гераізму савецкага народа ў барацьбе з ворагам і мелі на мэце ўзняць патрыятычны дух салдат і кожнага савецкага грамадзяніна.
Кнігі, выпушчаныя напрыканцы XX і ў пачатку XXI стагоддзяў, вылучаюцца сваімі шыкоўнымі пераплётамі, багатым фотаматэрыялам і фундаментальным зместам, у значнай частцы заснаваным на архіўных матэрыялах.
Перш за ўсё звяртаем увагу чытачоў на факсімільнае ўзнаўленне тэкту «Жыція блажэннай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Уседзяржыцеля святога Спаса ў горадзе Полацку», якое выпушчана ў бягучым годзе ў выдавецтве Беларускага Экзархата. Арыгінал «Жыція...» заховаецца ў фондзе Расійскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу. У камплекце з факсіміле выдадзены асобнай кнігай тэкст «Жыція...» на царкоўна-славянскай, рускай, беларускай і англійскай мовах.
Гістарычнае пісьменства Беларусі мае сваю, і досыць адметную, традыцыю. Аб гэтым сведчыць шэраг захаваўшыхся летапісных помнікаў, вынікі даследаванняў сучасных навукоўцаў. Прыкладам такога грунтоўнага даследавання і аналіза летапісных помнікаў Беларусі з’яўляецца выданне «Летапісы і хронікі Беларусі. Сярэднявечча і раннемадэрны час» (Мн., 2010). Змешчаныя ў выданні хронікі і летапісы прысвечаны гісторыі Вялікага княства Літоўскага наогул, а таксама асобных мясцовасцяў Беларусі. Падзеям, што адбываліся ў Вялікім Княстве, прысвечаны дзве найбольшыя хронікі — «Хроніка літоўская і жамойцкая», Хроніка Быхаўца. У двух летапісах — Баркулабаўскім, Панцырнага і Аверкі — паведамляецца ў асноўным пра становішча ў асобных гарадах ці раёнах Усходняй Беларусі. Так, летапіс Панцырнага і Аверкі тычыцца пераважна Віцебску, а Баркулабаўскі, дзе надаецца багата ўвагі Берасцейскай уніі, распавядае таксама і пра падзеі канца XVI-пачатку XVII стст. у Магілёве, Віцебску, Полацку і Баркулабаве. Храналагічна звесткі, змешчаныя ў «Летапісах і хроніках...», ахопліваюць падзеі з часоў легендарных (пачатак нашай эры) і да 60-х гадоў XVIII ст. Найбольш познія звесткі дае летапіс Панцырнага і Аверкі.
Імя калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава добра вядома гісторыкам і знаўцам мінулага сваёй Айчыны. Яго кніга «Знічкі Айчыны: гісторыя Беларусі ў старых паштоўках» (Мн., 2 0 0 8 ) – знаёмства з новымі знаходкамі і адкрыццямі збіральніка паштовак векавой даўнасці. Кніга складаецца з 30 раздзелаў, кожны з якіх распавядае пра канкрэтны куточак Бацькаўшчыны: Ашмяны, Вілейку, Гомель, Клецк, Полацк, Свіслач і шэраг іншых гарадоў і мястэчак. Характэрная рыса гэтага выдання, у адрозненне ад падобных, што пабачылі свет у апошнія гады ў айчынных выдавецтвах, — у невялікіх каментарыях да раздзелаў літаратар і краязнавец А. Карлюкевіч цікава і захапляюча расказвае пра тыя знакамітыя постаці пісьменнікаў, мастакоў, кампазітараў, вучоных, чый лёс так ці інакш звязаны са згаданымі паселішчамі роднага краю.
Другая кніга названага аўтара – «Беларусь праз аб’ектыў нямецкага салдата, 1915-1918» (Мн., 2 0 0 8 ) — змяшчае рэпрадукцыі амаль чатырох з паловай сотняў нямецкіх фотапаштовак перыяду Першай сусветнай вайны са збораў аўтара. На іх – выявы беларускіх гарадоў і мястэчак, жыццё і побыт насельніцтва, прыродныя і архітэктурныя пейзажы, сцэны вайсковага быту. Шмат якія асаблівасці, дэталі той рэчаіснасці нідзе болей не зафіксаваныя, што робіць гэтыя паштоўкі ўнікальнымі дакументамі свайго часу. Асноўная маса іх публікуецца ўпершыню.
Стараннямі У. Ліхадзедава пабачыў свет альбом «Адам Міцкевіч на паштоўках канца XIX-пачатку XX ст.» (Мн., 2 0 0 8 ). Гэта выданне – выключная культурная з’ява. Тут упершыню на рэпрадукцыях чатырохсот старых паштовак адлюстраваныя жыццё і творчасць геніяльнага польскага паэта, уражэнца беларускай зямлі Адама Міцкевіча.
Усе прадстаўленыя экзэмпляры захоўваюцца ў аддзеле рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя. У.І. Леніна.

Дзіна Мельнічэнка, загадчыца аддзела рэдкай кнігі Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя У.І. Леніна.
  • 0
  • 27 августа 2012, 12:44
  • KoLibri

Комментарии (0)

RSS свернуть / развернуть

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com
* - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями