Невялiкi тэрмiн за «асаблiва буйны памер»

Суд Гомельскага раёна абвясцiў прыгавор у дачыненнi да былога першага намеснiка начальнiка Гомельскага аддзялення Беларускай чыгункi. За атрыманне хабару (ч.1 арт.430 КК) кiруючы работнiк прыгавораны да двух гадоў пазбаўлення волi з канфiскацыяй маёмасцi. Згодна з прыгаворам суда, ён не мае права тры гады займаць кiруючыя пасады.

Як паведамiлi БелаПАН у судзе, абвiнавачаны не прызнаў сваю вiну i абскардзiць прыгавор у вышэйшай iнстанцыi.

Першы намеснiк начальнiка аддзялення БЧ затрыманы супрацоўнiкамi КДБ у чэрвенi 2008 года. У дачыненнi да яго была распачата крымiнальная справа па артыкулах «атрыманне хабару» i «злоўжыванне ўладай або службовымi паўнамоцтвамi». Супрацоўнiкi КДБ падазравалi, што кiраўнiк арганiзаваў заключэнне з нейкiмi фiрмамi заведама стратных дагавораў на пастаўку запчастак для вагонаў. Паводле звестак следства, аналагiчную прадукцыю можна было набыць на ведамасным прадпрыемстве чыгункi ў Гомелi. Эксперты лiчаць, што дэталi, вырабленыя на ўласным заводзе Беларускай чыгункi, адпавядаюць усiм патрабаванням i больш танныя. У вынiку дадатковыя расходы чыгункi склалi сама меней 80 млн рублёў, што трапляе пад паняцце «асаблiва буйны памер урону», паведамляла па факце затрымання першага намеснiка начальнiка аддзялення БЧ прэс-група УКДБ па Гомельскай вобласцi.

Следства спрабавала дакументальна даказаць, што гэтыя дзеяннi насiлi карысны характар, а падзяка з боку камерсантаў выразiлася ў бясплатных будматэрыялах i рабочай сiле для будаўнiцтва асабiстага дома кiраўнiка. На дасудовым разборы абвiнавачаннi ў злоўжываннi службовымi паўнамоцтвамi былi знятыя. На судзе кiраўнiку iнкрымiнавалася атрыманне хабару ад камерцыйнай арганiзацыi ў выглядзе будматэрыялаў для ўзвядзення агароджы на лецiшчы службовай асобы.
«Народная Воля»
  • +3
  • 28 ноября 2008, 14:51
  • Spars

Комментарии (0)

RSS свернуть / развернуть

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com
* - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями