Фэст экскурсаводаў: далучайцеся!

Фэст экскурсаводаў: далучайцеся!Неабыякавыя краязнаўцы і экскурсаводы, гісторыкі і архітэктары, настаўнікі і супрацоўнікі музеяў, турфірмаў, раённых аддзелаў культуры!

20 – 21 красавіка ў Беларусі адбудзецца чарговы «Фэст экскурсаводаў», прымеркаваны да Міжнароднага дня помнікаў і мясцінаў, які адзначаецца ва ўсім свеце 18 красавіка па ініцыятыве ЮНЭСКА вось ужо 30 год.

“Фэст экскурсаводаў” узнік у 2009 годзе з мэтай пазнаёміць жыхароў канкрэтных рэгіёнаў, гарадоў, вёсак, раёнаў і нават вуліц з тымі тыя помнікамі, побач з якімі яны жывуць і ходзяць кожны дзень. У свядомасці чалавека часта жыве ўпэўненасць, што жывучы на адным месцы досыць доўга ўсё пра яго ведаеш і нічога цікавага побач няма. І менавіта ў гэтым хаваецца прычына занядбанасці шматлікіх гістарычных будынкаў. “Адкрыць вочы” мясцовым жыхарам – вось што можа паспрыяць захаванню і адраджэнню таго ці іншага помніка!

«Фэст экскурсаводаў» — гэта шэраг бясплатных экскурсій па найцікавейшых мясцінах, па небанальных маршрутах і тэмах, якія будуць праведзеныя на працягу 2 дзён па розных кутках Беларусі. Кожны год мы спрабуем данесці інфармацыю пра бясплатныя экскурсіі менавіта да жыхароў тых раёнаў і вуліц, дзе яна будзе адбывацца.

«Фэст экскурсаводаў» — гэта адкрытая акцыя.

Мы звяртаемся да краязнаўцаў і экскурсаводаў: прапануйце свае цікавыя пешаходныя маршруты! Падрыхтуйце тэму, якую вам даўно карцела раскрыць, але не было на яе камерцыйнага заказу. Ахвяруйце некалькімі гадзінамі, каб падзяліцца сваімі ведамі з тымі, хто хацеў бы больш даведацца пра родныя мясціны.

Мы шукаем актыўных людзей у абласных і раённых цэнтрах, мястэчках і вёсках для дапамогі ў арганізацыі сваіх міні- (а можа і не міні) Фэстаў у рэгіёнах. У Мінску за 2 дні праводзіцца больш за 30 экскурсій. Нам бы хацелася, каб іншыя мясціны Беларусі не адставалі ў гэтай справе.

Будзем радыя бачыць сярод удзельнікаў Фэста і турыстычныя прадпрыемствы. Дадайце ў агульны спіс сваю бясплатную экскурсію! Гэта дазволіць большай колькасці людзей даведацца больш пра сваю малую Радзіму, а вам зробіць неблагую рэкламу.

У гэтым годзе ў межах Фэста будуць распрацаваныя і праведзеныя экскурсіі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў Мінску. Мы паспрабуем раскрыць тэму, якую ў якасці «гадавой» прапанаваў міжнародны камітэт ICOMOS – ахова помнікаў адукацыі.Правядзём некалькі экскурсій для маленькіх дзетак, распрацуем адмысловыя маршруты для веласіпедных экскурсій, арганізуем гістарычныя вандроўкі па самых старых храмах. Дый шмат чаго яшчэ цікавага…

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва і чакаем новых удзельнікаў з цікавымі ідэямі!
  • 0
  • 20 февраля 2013, 14:12
  • admin

Комментарии (0)

RSS свернуть / развернуть

Только зарегистрированные и авторизованные пользователи могут оставлять комментарии.
Использование материалов сайта livegomel.com разрешается при условии установки ссылки (для интернет-изданий - гиперссылки) на livegomel.com
* - администрация сайта не несет ответственности за публикацию новостей, добавленных пользователями